top of page

Я́нка Брыль, сапр. Іва́н Анто́навіч Брыль (4 жніўня 1917Адэса — 25 ліпеня 2006) — беларускі пісьменнікНародны пісьменнік БССР (1981)[2].

Біяграфія

Нарадзіўся ў Адэсе ў сям'і чыгуначніка Антона Данілавіча Брыля. У 1922 разам з бацькамі вярнуўся на іх радзіму, у вёску Загор'е (Польшча, цяпер Карэліцкі раёнГродзенская вобласць)[2]. У 1931 Я. Брыль скончыў польскую сямігодку і паступіў у Навагрудскую гімназію, але не змог вучыцца з-за матэрыяльных цяжкасцей.

У 1939 прызваны ў Войска Польскае[2], служыў у марской пяхоце. Пасля пачатку II Cусветнай вайны, у верасні таго ж года трапіў пад Гдыняй у нямецкі палон, у 1941 уцёк, вярнуўся на Беларусь і далучыўся да партызанаў[2]. У 1942 Я. Брыль стаў сувязным партызанскай брыгады імя Жукава Баранавіцкага злучэння, а ў 1944 — разведчыкам партызанскай брыгады «Камсамолец». Рэдагаваў газету «Сцяг свабоды» Мірскага падпольнага райкома партыі і сатырычны лісток «Партызанскае жыга́ла». Па вызваленні Беларусі працаваў рэдактарам раённай газеты ў г. п. Мір, літаратурным супрацоўнікам газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», загадваў аддзелам рэдакцыі часопіса «Вожык».

У розныя гады Я. Брыль быў намеснікам рэдактара часопісаў «Маладосць» і «Полымя», працаваў рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі, быў сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, вёў актыўную работу па ўмацаванню сувязей беларускай літаратуры з літаратурамі народаў СССР і краін сацыялістычнай садружнасці. Шмат сіл Я. Брыль аддаваў працы ў якасці старшыні Беларускага таварыства «СССР — Канада»[2].

З 1945 года член Саюза пісьменнікаў СССР. У 1966—1971 — сакратар праўлення СП БССР[2]. Двойчы абіраўся дэпутатам ВС БССР (1963—1967, 1980—1985). Старшыня Беларускага аддзялення таварыства «СССР — Канада» (1967—1990), член Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989. Ганаровы член Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994).

Дзед Антона Францішка Брыля.

Памёр 25 ліпеня 2006 года, пахаваны ў Калодзішчах.

Творчасць

Пісаць Я. Брыль пачаў з чатырнаццаці год, але дэбютаваў у друку толькі ў 1938[2]. Пачалася творчая дзейнасць пісьменніка з вершаў, якія асаблівага поспеху аўтару не прынеслі, і з апавяданняў, у якіх талент пісьменніка праявіўся вельмі ярка і шматгранна. У 1946 г. выйшла з друку першая кніга Я. Брыля пад назвай «Апавяданні»[2], куды ўвайшлі некалькі апавяданняў і невялікая аповесць «У сям'і», прысвечаныя жыццю заходнебеларускай вёскі. Мастацкі летапіс улюблёнага пісьменнікам Наднямоння працягваюць яго другі зборнік «Нёманскія казакі» (1947), а таксама аповесці «Сірочы хлеб», працу над якой ён пачаў яшчэ да вайны, «У Забалоцці днее» (1950, Дзяржаўная прэмія СССР 1952) і «На Быстранцы» (1955). Ужо першыя творы вылучылі Я. Брыля як арыгінальнага майстра лірыка-псіхалагічнай прозы, добрага знаўцу народнай мовы. Шмат разоў перакладалася ў розных краінах свету лірычнае апавяданне Я. Брыля «Галя» (1953), дзе на тле жыцця заходнебеларускай вёскі раскрыты пачуццёвы свет галоўнай гераіні, яе глыбокая чалавечая драма.

Звяртаўся пісьменнік і да тэмы Вялікай Айчыннай вайны. Класікай беларускай літаратуры стала яго апавяданне «Маці» (зборнік «Надпіс на зрубе», 1958) — гераіня не пабаялася даць прытулак знясіленым чырвонаармейцам. Тэма вайны знайшла адлюстраванне і ў апавяданнях Я. Брыля са зборніка «Працяг размовы», які ў 1963 г. атрымаў Літаратурную прэмію імя Я. Коласа. У пачатку 1960-х з'явіўся ў друку вядомы раман Я. Брыля «Птушкі і гнёзды». Гэты адзін з самых аўтабіяграфічных твораў пісьменніка быў прынцыпова новым словам у жанры рамана, які сам аўтар назваў «кнігай адной маладосці». Стылёвыя пошукі Я. Брыля нарадзілі арыгінальнае спалучэнне эпічных і лірыка-псіхалагічных элементаў, тую напружана-эмацыянальную плынь, якая была незвычайнай для традыцыйнай рэалістычнай прозы тых часоў.

Унікальнай у сусветнай літаратуры стала і створаная Я. Брылём разам з А. Адамовічам і У. Калеснікам дакументальная аповесць «Я з вогненай вёскі…» (1975) — жудасныя ўспаміны ўцалелых жыхароў спаленых вёсак Беларусі, жорсткая, няўмольная, крывавая праўда пра вайну, пра фашызм. Яркай адметнасцю вылучаюцца такія выдатныя аповесці Я. Брыля, як «Ніжнія Байдуны» (1975) і «Золак, убачаны здалёк» (1978, Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Коласа 1982) — творы глыбінна нацыянальныя, у якіх яскрава выяўляецца маральнае здароўе, высакароднасць і прыродная мудрасць беларусаў. Аповесць «Ніжнія Байдуны» ад першай да апошняй старонкі ўспрымаецца як своеасаблівая паэтычная песня пра блізкіх аўтару людзей, яго землякоў. Уласцівы творчасці Я. Брыля аўтабіяграфізм асабліва адчуваецца ў гэтым творы. Аповесць «Золак, убачаны здалёк» — пра дзяцінства ў заходнебеларускай вёсцы. Крытыка адзначае, што ў беларускай літаратуры гэты твор практычна не мае роўных.

Трывалае месца ў творчасці Я. Брыля займаюць лірычныя мініяцюры, якія ён пачаў друкаваць з сярэдзіны 1960-х і якія склалі кнігі «Жменя сонечных промняў» (1965), «Вітраж» (1972), «Акраец хлеба» (1977), «Сёння і памяць» (1985), «Пішу як жыву» (1994), «Вячэрняе» (1994), «Дзе скарб ваш» (1997), «Сцежкі, дарогі, прастор» (2001), «Блакітны зніч» (2004), «Парастак» (2006). Мініяцюры Я. Брыля грунтуюцца на звычайных канкрэтных фактах, якія пісьменнік не проста ўзнаўляе, а перадае свае ўражанні ад іх, сваё глыбокае, заўсёды непаўторна-асабістае, арыгінальнае іх разуменне. Менавіта ў жанры лірычнай мініяцюры адчуваў сябе пісьменнік найбольш раскаваным. Мініяцюры былі своеасаблівай кнігай яго жыцця, лірычнай споведдзю прызнанага майстра пра сябе і свет, пра самых блізкіх людзей, пра светлыя і сумна трагічныя праявы быцця.

Уся творчасць Я. Брыля прасякнута глыбокім, чыстым пачуццём да сваёй радзімы. Шчырае, сумленнае служэнне роднай зямлі, роднаму народу было галоўнай мэтай і сэнсам яго жыцця.

Яму належаць такія мудрыя словы: «Калі б беларуса прымусіць быць беларусам, які б атрымаўся выдатны беларус!»

Пераклады

Я. Брыль вядомы таксама як перакладчык з рускайукраінскай і польскай моў. У яго перакладзе на беларускую мову выйшлі паасобныя творы Л. М. ТалстогаА. П. ЧэхаваМ. ГоркагаП. П. Бажова(руск.) бел.А. П. ДаўжэнкіБ. ПрусаА. Вішні(укр.) бел.П. Казланюка(укр.) бел.Т. РужэвічаМ. КанапніцкайЭ. АжэшкіЭ. БрыляЯ. Івашкевіча(руск.) бел.А. Цанткевіч(польск.) бел.Ч. Цанткевіча(польск.) бел.Ю. Кавальца(польск.) бел.У. Мачэжака(польск.) бел.В. Жукроўскага(польск.) бел.Л. Кручкоўскага(руск.) бел. і многія іншыя[2].

Творы Я. Брыля перакладаліся на многія мовы народаў СССР і за мяжой[2].

Узнагароды і прэміі

Ушанаванне памяці

26 верасня 2007 г. імя Янкі Брыля атрымала вуліца ў мінскім мікрараёне Міхалова. 26 жніўня 2009 г. імя Янкі Брыля было нададзена адной з вуліц Гдыні.

Бібліяграфія

  • Птушкі і гнёзды : выбранае / Янка Брыль. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2006. — 463 с. — (Беларуская проза XX стагоддзя).

  • Запаветнае : выбр. тв. / Янка Брыль; [прадм. С. Андраюка; камент. Н. Семашкевіч]. — Мінск : Беллітфонд, 1999. — 442 с., [4] л. фат. — (Беларускі кнігазбор).

  • Птушкі і гнёзды : кн. адной маладосці : раман ; Золак, убачаны здалёк : аповесць : [для ст. шк. узросту] / Янка Брыль. — Мінск : Ураджай, 2001. — 447 с., 1 л. партр. : іл. — (Школьная бібліятэка).

  • Ты мой найлепшы друг : аповесці і апавяданні : [для ст. шк. узросту] / Янка Брыль; [прадм. С. А. Андраюка]. — Мінск : Полымя, 1998. — 446 с., 1 л. партр. : іл. — (Школьная бібліятэка).

  • Дзе скарб ваш : лірыч. проза / Янка Брыль. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1997. — 334 с.

  • З людзьмі і сам-насам : запісы, мініяцюры, эсэ / Янка Брыль. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2003. — 333 с.

  • Сцежкі, дарогі, прастор : лірыч. замалёўкі : [для ст. шк. узросту] / Янка Брыль. — Мінск : Юнацтва, 2001. — 238 с., 1 л. партр.

  • Цуды ў хаціне : апавяданні : [для мал. шк. узросту] / Янка Брыль; [маст. М. С. Будавей]. — Мінск : Юнацтва, 1998. — 111 с. : каляр. іл.

  • Ніжнія Байдуны. Выбраныя творы / Мая беларуская кнiга — Мінск : Попурри, 2016. — 463 с. ISBN 978-985-15-2807-9

bottom of page