top of page

Яку́б Ко́лас, Канстанці́н Міха́йлавіч Міцке́віч (22 кастрычніка (3 лістапада1882, засценак Акінчыцы Мінскага пав. Мінскай губ. (цяпер у межах г. Стоўбцы) — 13 жніўня 1956Мінск; Псеўданімы: Тарас Гушча, Карусь Лапаць, К. Адзінокі, К. Альбуцкі, Андрэй «сацыяліст», Тамаш Булава, Ганна Груд, Мікалаевец, Лесавік і інш.) — беларускі паэт, празаік, драматург, крытык, публіцыст, перакладчык, вучоны, педагог, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў (з Янкам Купалам) сучаснай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. Народны паэт Беларусі (1926). Акадэмік АН Беларусі (1928). Заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1944).

Біяграфія

Маладосць

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і Міхала Казіміравіча і Ганны Юр’еўны (народжаная Лёсік) з вёскі Мікалаеўшчына (цяпер за 12 км ад Стоўбцаў). З 13-ці іх дзяцей да сталага веку дажыла толькі 9. Бацька быў лясніком у радзівілаўскіх уладаннях, маці — займалася гаспадаркай. Браты Уладзімір (1879—1954), Алесь (1880—1940), Іосіф (1895—1980), Міхал (1897—1991), сёстры Міхаліна (1887—1977), Юзэфа (1891—1964), Марыя (1900). Неўзабаве па нараджэнні Ко́стуся, так звалі Канстанціна дома, сям’я пераехала ва ўрочышча Ласток (або Сухошчына), потым, у 1890—1904 гадах, Міцкевічы жылі ў леснічоўцы Альбуць паблізу Мікалаеўшчыны.

Значна ўплыў на Костуся дзядзька па бацьку — Антось, ён абудзіў у падлетку цікавасць да літаратуры. Костусь сам навучыўся рускай грамаце, а дзве зімы яго разам са старэйшымі братамі навучаў хлопчык-дарэктар. Скончыў 2-гадовае Мікалаеўшчынскае народнае вучылішча (1894). Наступныя тры гады жыў у Альбуці, дапамагаў на гаспадарцы бацькам, шмат чытаў, рыхтаваўся да паступлення ў настаўніцкую семінарыю.

На кошт скарбу ў 1898 годзе паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Падчас вучобы пісаў вершы і байкі на рускай мове, збіраў беларускі этнаграфічны і фальклорны матэрыял, пачаў пісаць па-беларуску. Па сканчэнні семінарыі (1902) працаваў настаўнікам на Палессі ў вёсках Люсіна (цяпер Ганцавіцкі раён), Пінкавічы (цяпер Пінскі раён). Рабіў этнаграфічныя і фальклорныя запісы. Тым жа часам пазнаёміўся з нелегальнай рэвалюцыйнай літаратурай, уключыўся ў грамадскую дзейнасць, вёў тлумачальныя гутаркі з сялянамі. У 1905 годзе склаў петыцыю пінкавіцкіх сялян з патрабаваннямі да памешчыка Зыгмунта Скірмунта, за гэта на пачатку 1906 года быў пераведзены з Пінкавіч на працу ў Верхменскае народнае вучылішча (цяпер Смалявіцкі раён). Актыўна ўдзельнічаў у нелегальным настаўніцкім з’ездзе (9.7—10.7.1906) у Мікалаеўшчыне, з’езд разагнала паліцыя і К. Міцкевічу сярод іншых забаранілі настаўнічаць.

Зімою 1906—1907 года Я. Колас жыў у родных у леснічоўцы Смалярня, без адпаведнага дазволу адкрыў прыватную школу. У 1907 годзе прыехаў у Вільню, пачаў працаваць загадчыкам літаратурнага аддзела «Нашай нівы», але праз некалькі тыдняў паводле загаду паліцыі пакінуў горад. У студзені-красавіку 1908 г. працаваў у прыватнай беларускамоўнай школе ў вёсцы Сані (цяпер Талачынскі раён), арганізатарамі якой былі Тэрэза Гардзялкоўская і яе сын Канстанцін Гардзялкоўскі. Неўзабаве быў арыштаваны і 15.9.1908 года асуджаны на 3 гады турэмнага зняволення. Я. Коласа абвінавачвалі ў ажыццяўленні праграмы Усерасійскага саюза настаўнікаў, скіраванай, на думку ўладаў, на падрыў грамадскага ладу Расійскай імперыі, а таксама ў складанні адозвы да настаўнікаў, якую не пісаў, але сапраўднага аўтара не выдаў. Увесь тэрмін Я. Колас адбываў у Мінскім астрогу.

Па вызваленні (1911) з верасня Я. Колас без дазволу навучаў дзяцей чыгуначнікаў у Лунінцы, у 1912 годзе атрымаў Пасведчанне пра дабранадзейнасць і да 1914 года афіцыйна працаваў настаўнікам у Купяцічах паблізу Пінска, а затым у Пінскім 3-м прыходскім вучылішчы, пражываючы на кватэры чыгуначнага фельчара А. А. Балевіча. У чэрвені 1913 года Я. Колас ажаніўся з настаўніцай пінскай чыгуначнай школы Марыяй Дзмітрыеўнай Каменскай, яны пражылі разам больш за 30 гадоў, мелі трох сыноў. У гэты ж перыяд, у жніўні 1912 года, на леснічоўцы Смольня паблізу Мікалаеўшчыны Я. Колас пазнаёміўся з Янкам Купалам, гэтай сустрэчай пачалося іх сяброўства.

1915—1940

Падчас 1-й сусветнай вайны з 1915 года разам з сям’ёю ў бежанстве ў Маскоўскай губерні. Мабілізаваны, скончыў Аляксандраўскае ваеннае вучылішча (Масква, 1916) і служыў у запасным палку ў Пермі. Сям’я тым часам пераехала ў Абаянь (цяпер Курская вобласць Расіі). У званні падпаручніка летам 1917 года адпраўлены на Румынскі фронт, але неўзабаве за станам здароўя атрымаў адпачынак. Урэшце, як настаўнік Я. Колас быў вызвалены ад вайсковай службы і застаўся з сям’ёю ў Абаяні, працаваў настаўнікам і школьным інструктарам.

У 1921 годзе Я. Колас выкліканы ўрадам БССР вярнуўся ў Мінск. Супрацоўнічаў з Навукова-тэрміналагічнай камісіяй Народнага камісарыята асветы, Літаратурнай камісіяй па збіранні вуснай народнай творчасці Інбелкульта, быў выкладчыкам у Беларускім педагагічным тэхнікуме і Беларускім дзяржаўным універсітэце, чытаў лекцыі па граматыцы і методыцы выкладання беларускай мовы на Слуцкіх настаўніцкіх педагагічных курсах.

Я. М. Кругер. «Партрэт Я. Коласа». 1923

У 1920-я-1930-я гады Я. Колас актыўна ўдзельнічае ў навуковым і грамадска-палітычным жыцці БССР. З 1928 года ён акадэмік АН БССР, з 1929 — член яе Прэзідыума і віцэ-прэзідэнт. У 1927—1929 гадах кандыдат у члены ЦВК БССР, у 1929—1931 і 1935—1938 — член ЦВК БССР. Удзельнік 1-га Усебеларускага з’езда савецкіх пісьменнікаў і 1-га Усесаюзнага з’езда савецкіх пісьменнікаў у Маскве (1934), на абодвух з’ездах абраны ў кіруючыя органы саюзаў пісьменнікаў. Удзельнік Сусветнага кангрэсу абароны культуры (1935, Парыж).

Нягледзячы на прызнанне заслуг Я. Коласа з боку савецкай дзяржавы — у 1926 годзе ён атрымаў званне Народнага паэта Беларусі і пажыццёвую пенсію — пісьменнік трапіў пад хвалю рэпрэсій 1920-х—1930-х гадоў. З сярэдзіны 1920-х у доме Я. Коласа не раз праводзілі вобыскі, самога пісьменніка выклікалі на допыты. Савецкія органы дзяржбяспекі спрабавалі прыцягнуць Я. Коласа да шэрагу спраў, у т.л. г.зв. «Лістападаўскай» і «Саюза вызвалення Беларусі». Ціск на Я. Коласа ўзмацняўся, у 1930-я яго абвінавачвалі ў «нацдэмаўшчыне», а таксама разнастайных «шкодных ухілах» у творчасці, ён вымушаны быў каяцца ў «памылках». У 1930-я гг. рэпрэсаваны і загінулі многія знаёмыя, калегі і сваякі Я. Коласа, у т.л. матчын брат Язэп Лёсік і жончын брат Аляксандр Каменскі. Самому Я. Коласу неаднаразова пагражаў арышт і рэпрэсіі, але, мусіць, на гэта не было атрымана дазволу вышэйшага савецкага кіраўніцтва. Гэтыя падзеі негатыўна адбіліся на псіхалагічным стане пісьменніка, адпаведна і на яго творчасці.

1941—1956

Падчас Вялікай Айчыннай вайны паэт жыў у Клязьме паблізу Масквы, Ташкенце, Маскве. У 1944 годзе Я. Коласу прысвоена званне Заслужаны дзеяч навукі Беларусі. У канцы 1944 года вярнуўся ў Мінск.

Па вайне да канца жыцця працаваў у АН БССР. У 1950-я гады Я. Колас быў навуковым рэдактарам і ўдзельнікам выдання «Руска-беларускага слоўніка» (1953). Актыўна ўдзельнічаў і ў палітычна-грамадскім жыцці — быў дэпутатам ВС СССР і ВС БССР, членам ЦК на XX—XXII з’ездах КПБ, членам Камітэта па Дзяржаўных прэміях у галіне літаратуры і мастацтва СССР, віцэ-старшынёй Усеславянскага антыфашысцкага камітэта, старшынёй Беларускага і членам Савецкага камітэта абароны міру. Нідзе ўдзел Я. Коласа не быў фармальным, займаўся ён як праблемамі асобных грамадзян, так і паслядоўна адстойваў нацыянальныя інтарэсы беларусаў. Так, у 1956 годзе Я. Колас звярнуўся да ЦК лістом пра месца і стан беларускай мовы ў грамадскім жыцці, прапаноўваў меры яе абароны.

Дзесяцігоддзі напружання адмоўна адбіліся на стане здароўя пісьменніка. Толькі за апошнія 10 гадоў свайго жыцця ён хварэў на запаленне лёгкіх 26 разоў[3]. Памёр 13 жніўня 1956 года за сваім рабочым сталом. Пахаваны ў Мінску на Вайсковых могілках.

 

Творчасць

Ужо ў 10-гадовым узросце, пад уплывам твораў Крылова, склаў байку «Варона і Лісіца», а праз тры гады напісаў першы верш «Вясна». Бацька заахвочваў літаратурныя схільнасці хлопчыка, тым жа часам Костусь пазнаёміўся з беларускай літаратурнай творчасцю, вершам Я. Лучыны «Стары ляснік», і быў ад яе пад пэўным уражаннем.

У семінарысцкія гады яшчэ болей захапіўся літаратурай, пазнаёміўся з творамі А. Пушкіна, М. Лермантава, М. Гогаля, А. Кальцова, М. Някрасава, Л. Талстога, І. Хемніцара, Т. ШаўчэнкіІ. ФранкоА. Міцкевіча. Складаў вершы і байкі па-руску. Займаўся зборам беларускага этнаграфічнага і фальклорнага матэрыялу. Значна ўплыў на Костуся выкладчык семінарыі Ф. Кудрынскі, які заахвочваў літаратурныя заняцці і звярнуў увагу маладога паэта на вартасць пісання па-беларуску. Міцкевіч пачаў пісаць вершы і прозу на беларускай мове. Вершы гэтыя прысвячаліся прыродзе, нялёгкай долі селяніна. У тыя ж гады напісаны паэмы «Каля кастра» і «Страх», тэксты якіх не захаваліся, а таксама першая проза па-беларуску — нарыс «Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле».

З пачаткам працоўнай ў 1900-я гады жанравы дыяпазон К. Міцкевіча пашыраецца, таксама яны ўжо болей дасканалыя, на гэты ж час прыпадае першая публікацыя. Дэбютаў у друку вершам «Наш родны край» у газеце «Наша доля» за 1.9.1906 года, тут упершыню К. Міцкевіч скарыстаў псеўданім Якуб Колас. У «Нашай долі» за 15.9.1906 года пад псеўданімам Дзядзька Карусь надрукавана апавяданне К. Міцкевіча «Слабода» пра самавольства царскай паліцыі — дэбют прозы пісьменніка. Тым жа часам К. Міцкевіч актыўны аўтар газеты «Наша ніва». У творчасці К. Міцкевіча гэтага перыяду з’явіліся новыя формы, болей высокі ўзровень літаратурнай працы, ён піша алегарычныя апавяданні «Казкі жыцця», дзе філасофскі асэнсоўвае рэчаіснасць. Пісаў Я. Колас вершы і ў зняволенні ў Мінскім астрогу, якія ўдавалася перапраўляць на волю.

У 1910-я гады звяртаецца да буйных форм з філасофскім асэнсаваннем рэчаіснасці, у гэтыя гады пачынаецца праца над ліра-эпічнымі паэмамі «Новая зямля» і «Сымон-музыка». Творы гэтага перыяду — вершы і апавяданні, публікаваліся ў «Нашай ніве». Першая кніга Я. Коласа «Другое чытанне для дзяцей беларусаў», праца над якою пачата зімою 1906—1907 года, выйшла у Санкт-Пецярбургу ў выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца» ў 1909 годзе. Першы зборнік вершаў «Песні жальбы», напісаны ў 1906—1909 гадах, выйшаў у Вільні ў 1910 годзе. У гэты час ранняя творчасць Я. Коласа атрымала высокую ацэнку ад Максіма Горкага.

У 1910-я гады галоўная тэма творчасці Я. Коласа — жыццё беларускага сялянства. Вершы Я. Колас рэгулярна друкавала «Наша ніва». Выходзіць яго зборнік «Апавяданні» (Вільня, 1912), асобнымі выданнямі выйшлі апавяданні «Нёманаў дар», «Тоўстае палена», зборнік вершаваных апавяданняў «Прапаў чалавек» (усё Санкт-Пецярбург, 1913), зборнік апавяданняў шырокага тэматычнага дыяпазону «Родныя з’явы» (Вільня, 1914), п’еса «Чарка ўсё на свеце робіць» (Петраград, 1916)

У паэтычных творах перыяду 1-й сусветнай вайны, Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый гучаць антываенныя матывы, занепакоенасць лёсам Беларусі ў новых гістарычных умовах, заклік да працы на карысць радзімы. Гэтыя творы ўвайшлі ў зборнік «Водгулле» (Мінску, 1922). Я. Колас працуе над раней пачатымі паэмамі «Новая зямля» і «Сымон-музыка». Пісаў і паасобныя драматургічныя творы, у т.л. п’есы «Антось Лата», «На дарозе жыцця» (абедзве 1917). У гэты ж час напісана большасць апавяданняў са зборніка «Казкі жыцця» (Коўна, 1921). У 1923 годзе асобным выданнем выйшла ўрэшце скончаная паэма «Новая зямля», а ў 1925 годзе 3-я рэдакцыя паэмы «Сымон-музыка». Тым жа часам пашыраецца тэматыка твораў Я. Коласа, ад праблемаў вёскі ён звяртаецца да гістарычнага лёсу беларускай інтэлігенцыі пачатку XX ст. Створаны вялікія празаічныя творы, г.з. «палескія аповесці» — «У палескай глушы» (Вільня, 1923) і «У глыбі Палесся» (Мінск, 1927), часткі будучай трылогіі. У 1925 годзе выйшла п’еса «Забастоўшчыкі», у чымсьці аўтабіяграфічная, пра беларускае настаўніцтва ў палітычнай барацьбе. У 1926 годзе выйшла аповесць

 

«На прасторах жыцця» пра праблемы моладзі 1920-х гадоў.

Рэпрэсіі ў БССР 1920-х-1930-х гадоў, гібель калег, сяброў і сваякоў, сталая пагроза ўласнаму жыццю, адмоўна адбіліся на псіхалагічным стане Я. Коласа і яго творчасці. Да таго ж дадалася калектывізацыя, абмежаванне грамадскіх свабод, таталітарная ідэалогія. На думку коласазнаўцаў М. Мацюх і М. Мушынскага, у гэты час пісьменнік трапіў у цалкам залежнае ад савецкай сістэмы становішча з якога не было выйсця. Фактычна Я. Колас быў закладнікам і вымушаны быў адпавядаць ідэалагічным патрабаванням, міжволі прапагандуючы сацыялістычны рэалізм.

У 1926 годзе Я. Колас пачаў паэму «На шляхах волі», пра цяжкія ўмовы часоў 1-й сусветнай вайны, над ёю ён працаваў у 1930-я і 1950-я гады, але не скончыў. Да тэмы падзей 1-й сусветнай вайны Я. Колас таксама звяртаўся ў п’есе «Вайна вайне» (1927—1938), да тэмы Грамадзянскай вайны ў аповесці «Дрыгва» (1933) і створанай на яе аснове п’есе «У пушчах Палесся» (1937). У 1932 годзе выйшла даволі схематызаваная аповесць «Адшчапенец» пра перавагі калектыўнай гаспадаркі перад аднаасобнай. У 1940 годзе Я. Колас пачаў паэму «Рыбакова хата» пра Заходнюю Беларусь у міжваеннай Польшчы.

Таксама ў 1920-я-1930-я гады Я. Колас актыўна займаўся перакладамі з польскай, рускай і ўкраінскай моў («Палтава» А. Пушкіна, паасобныя творы М. Лермантава, А. Міцкевіча, Т. Шаўчэнкі, П. Тычыны, Р. Тагора і інш.).

Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў шэрагу паэтычных і публіцыстычных твораў услаўляў патрыятызм і гераізм, выкрываў сутнасць нацызму. У гэты перыяд выйшлі зборнікі паэзіі «Адпомсцім» (1942), «Голас зямлі» (1943), паэмы «Суд у лесе» (1942), «Адплата» (1943—1944) і інш.

У паваенны перыяд творчасць Я. Колас спалучаў з напружанай грамадскай працай. У 1954 годзе ён скончыў аповесць «На ростанях» на аснове падзей 1906—1911 гадоў, якая стала 3-й, апошняй (разам з «У палескай глушы» і «У глыбі Палесся»), часткай аднайменнай трылогіі — аднаго з першых беларускіх раманаў.

 

Узнагароды

Кавалер Ордэна ЛенінаОрдэна Чырвонага СцягаОрдэна Працоўнага Чырвонага Сцяга. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1946, за вершы ваеннага часу; 1949, за паэму «Рыбакова хата»).

 

Цікавыя факты

У розны час Якуб Колас валодаў аўтамабілямі марак ГАЗ, ЗІМ, Chevrolet і Opel.

 

Ушанаванне памяці

У 1959—1965 гг. прысуджалася літаратурная прэмія імя Я. Коласа. З 1965 г. прысуджалася Дзяржаўная прэмія імя Якуба Коласа за лепшыя празаічныя і літаратуразнаўчыя працы. Яго імя нададзена Мінскаму паліграфічнаму камбінату, Інстытуту мовазнаўства НАН РБВіцебскаму драматычнаму тэатруЦэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН РБ і іншым бібліятэкам. Імем Я. Коласа быў названы Нацыянальны дзяржаўны гуманітарны ліцэй з філіялам і Нясвіжскі дзяржаўны каледж. Імя Я. Коласа носяць школы, плошчы, вуліцы гарадоў і вёсак Беларусі.

Помнік Якубу Коласу ў Ганцавічах

Помнікі паэту пастаўленыя ў Мінску (на плошчы, названай у яго гонар), у вёсцы МікалаеўшчынаНавагрудку, у вёсцы Плоскае[4] Талачынскага раёна. У 2011 годзе ў Ганцавічах на алеі пісьменства быў адкрыты бронзавы помнік Якубу Коласу.[5] Бюст паэту ўсталяваны ў Нясвіжы. Прысвечаныя паэту помнікі за мяжой устаноўлены у Ташкенце [6] і ў кітайскім горадзе Тяньцзінь.[7] Прысвечаныя паэту мемарыяльныя дошкі за мяжой устаноўлены ў Вільнюсе[8] і ў Ташкенце.[9]

У Мінску працуе Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, яго філіялы знаходзяцца ў Стаўбцоўскім раёне: у Акінчыцах, Смольні, Мікалаеўшчыне і Альбуці.

Сядзіба Акінчыцы, дзе з’явіўся на свет Якуб Колас, цяпер уваходзіць у рысу горада Стоўбцы. За 5 кіламетраў ад Стоўбцаў знаходзіцца сядзіба Альбуць, дзе будучы пісьменнік жыў з сям’ёй ад 1890 года і якую ён апісаў у паэме «Новая зямля» пад назвай «Парэчча». За некалькі кіламетраў, у Смольні, жылі маці, дзядзька, браты і сёстры літаратара. Менавіта тут у 1912 годзе ўпершыню сустрэліся Якуб Колас і Янка Купала. Хутар Ласток, дзе захаваўся аўтэнтычны дом, у якім з трох да васьмі гадоў жыў Якуб Колас, аддзяляе ад Смольні каля 8 кіламетраў. Тут захаваліся дом, хлеў, гумно — усе яны стаяць з тых часоў, калі тут жыла сям’я Міцкевічаў. Адзін з пакояў дома аддадзены пад музейныя экспанаты.[10]

У 1990 годзе ў вёсцы Пінкавічы запрацаваў музей Якуба Коласа пад кіраўніцтвам Івана Калошы. На адкрыцці прысутнічаў сын Коласа.

У сярэдзіне 1980-х гг. пачалі ладзіцца навуковыя чытанні, па выніках якіх выдаецца зборнік «Каласавіны» (ад 1986 г.), прысвечаны жыццёваму і творчаму шляху Коласа. У снежні 2006 г. Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Я.Коласа атрымаў грант ЮНЕСКА на правядзенне міжнароднай навуковай канферэнцыі «Каласавіны» ў лістападзе 2007 г., а таксама на выданне мультымедыйнага зборніка «Каласавіны». Апроч таго, на гэты грант павінен быць выданы каталог твораў мастацтва (жывапісуграфікіскульптуры), прысвечаных Якубу Коласу.

Вывучэннем жыцця і творчасці паэта займаецца адна з галін беларускай літаратурнай навукі — коласазнаўства. Творы Я. Коласа перакладзены больш чым на сорак моў свету.

bottom of page