Ты не шкадуй нічога людзям, калі што людзям на карысць. (П.Броўка)
Васі́ль Уладзі́меравіч Бы́каў (19 чэрвеня 1924, Бычкі Ўшацкага раёну Віцебскай вобласьці — 22 чэрвеня 2003) — выдатны беларускі пісьменьнік і грамадзкі дзяяч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Народны пісьменьнік БССР (1980).
Большасьць твораў — аповесьці пра Вялікую Айчынную вайну, дзеяньне якіх адбываецца падчас Вялікай Айчыннай вайны і ў якіх паказаны маральны выбар чалавека ў найболей драматычныя моманты жыцьця.
Біяграфія
Нарадзіўся ў вёсцы Бычкі Ўшацкага раёну Віцебскай вобласьці. Маці — Ганна Рыгораўна, бацька — Уладзімер Фёдаравіч, звычайныя беларускія сяляне. Ганна Рыгораўна памерла восеньню 1984 году, калі ёй было больш за 90 гадоў. Дзяцінства Васіля Быкава прайшло ў родных мясьцінах[5].
Першым мастацкім творам, зь якім пазнаёміўся Васіль Быкаў, стала апавяданьне Міхася Лынькова «Гой». Зь дзяцінства захапляўся паэзіяй Янкі Купалы і творчасьцю Якуба Коласа[6]. Акрамя беларускай літаратуры Быкаў зь дзяцінства знаёміўся і з замежнымі аўтарамі (Майн Рыд, Жуль Вэрн, Джэк Лёндан і інш.)[7].
Як сьведчыць сястра пісьменьніка Валянціна, Васіль яшчэ ў школе спрабаваў пісаць апавяданьні і вершы, але ў тыя гады больш моцнай была цяга да маляваньня. Пасьля заканчэньня 9 клясы ў Кублічах Быкаў паступіў на мастакоўскае аддзяленьне Віцебскай мастацкай вучэльні. Потым быў пераведзены на скульптурнае аддзяленьне. Аднак, доўга там не правучыўся, паколькі ў 1940 годзе былі адмененыя стыпэндыі[8]. Васіль вярнуўся назад у Кублічы, дзе скончыў сярэднюю школу[9].
Калі Нямеччына напала на СССР у 1941 годзе, ён знаходзіўся ва Ўкраіне, зьбіраўся паступаць у індустрыяльны інстытут у горадзе Шостка (Сумская вобласьць)[9]. Спачатку сямнаццацігадовы Быкаў трапіў у інжынэрны батальён[9], капаў траншэі, пасьля пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію. Удзельнічаў у цяжкіх баях на Паўднёва-Заходнім фронце. Быў двойчы паранены. Потым вучыўся ў пяхотнай вучэльні ў Саратаве. Навучаньне ў вайсковай вучэльні звычайна цягнулася 2 гады, аднак, у сувязі з патрабаваньнямі ваеннага часу скарацілася да 1 году. У кастрычніку 1943 году Васіль Быкаў скончыў вучэльню, атрымаўшы званьне малодшага лейтэнанта, і працягнуў удзел у баях (Украіна, Румынія, Аўстрыя) да самай перамогі[9].
На Кіраваградчыне ёсьць брацкая магіла, у якой Быкаў значыўся пахаваным. Да бацькоў прыйшла пахавальная, у якой паведамлялася, што іх сын, камандзір стралковага ўзводу лейтэнант Быкаў Васіль Уладзімеравіч забіты 10 студзеня 1944 году, пахаваны на цэнтральных могілках вёскі Вялікая Севярынаўка Кіраваградзкай вобласьці[9].
Пасьля дэмабілізацыі ў 1947 годзе працаваў мастаком у гарадзенскіх мастацкіх майстэрнях. У 1949 годзе яго зноў прызвалі ў войска, дзе Быкаў праслужыў яшчэ 6 гадоў і ў 1955 годзе звольніўся ў запас і прыехаў у Горадню[10].
У 1956—1972 гадах — літсупрацоўнік, затым літкансультант газэты «Гродзенская праўда», у 1972—1978 гадах — сакратар Гарадзенскага абласнога аддзяленьня СП БССР. У 1974 годзе Васіль Быкаў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР за аповесьці «Абэліск» і «Дажыць да сьвітаньня».
У 1978 годзе пераехаў у Менск. Некалькі разоў абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР, з 1989 году — народны дэпутат СССР. У 1990 годзе абраны прэзыдэнтам Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Ганаровы грамадзянін Ушацкага раёну Віцебскай вобласьці. Сябра СП СССР з 1959 году. З 1980 году — народны пісьменьнік БССР. У 1993 падпісаў «Ліст 42-х» Барысу Ельцыну.
Яшчэ за савецкім часам яго творы былі перакладзеныя на розныя мовы, прычым большасьць перакладаў на расейскую мову была зробленая самім пісьменьнікам.
Нападкі на Васіля Быкава, якія пачаліся на радзіме ў сярэдзіне 1990-х гадоў, і стан здароўя сталі прычынай выезду за мяжу. На працягу некалькіх гадоў Васіль Быкаў жыў спачатку ў Фінляндыі, затым у Нямеччыне і Чэхіі. У Чэхіі перанёс апэрацыю, і вярнуўся на Бацькаўшчыну толькі за месяц да сьмерці. Памёр пісьменьнік 22 чэрвеня 2003 году. Пахаваны на Ўсходніх могілках Менску.
Творчасьць
Пачынаўся творчы шлях Васіля Быкава з апавяданьняў «У першым баі» і «У той дзень», якія ў 1949 годзе на расейскай мове былі зьмешчаныя ў газэце «Гродзенская праўда». Тады яны аказаліся незаўважанымі шырокай літаратурнай грамадзкасьцю[10].
Значны грамадзкі рэзананс мелі апавяданьні Васіля Быкава на роднай мове, надрукаваныя ў 1956—1957 і наступных гадах, і асабліва яго аповесьць «Жураўліны крык», якая прынесла празаіку заслужанае прызваньне. Пазьней яно было замацавана вялікім посьпехам «Трэцяй ракеты» (1961), якая ў 1962 годзе публікавалася адначасова ў «Маладосці» і ў «Дружбе народов»[12].
Да найбольш папулярных раньніх аповесьцяў Быкава належыць «Альпійская балада» (1963). Яна шмат перакладалася на замежныя мовы, часта выдавалася ня толькі ў Беларусі, але і ў іншых савецкіх рэспубліках. На аснове аповесьці створаны кінафільм, некалькі тэатральных спэктакляў, інсцэніроўка для радыё, балет, пастаўлены ў Менску і Чалябінску, опэра, пастаўленая ў Харкаве, сымфонія[13].
У шмат якіх адносінах паваротнай для Быкава стала аповесьць «Мёртвым не баліць» (1965). Пісьменьнік разгарнуў апавядальную плынь у двух часавых плянах, спалучыўшы паказ некаторых аспэктаў ваеннай пары з прамым выхадам да трапяткой сучаснасьці[14]. Быкаў адштурхоўваўся ад таго, што перажыў сам. Ён ня раз падкрэсьліваў, што твор мае шмат аўтабіяграфічнага, грунтуецца на нявыдуманай падзейнай канве[15].
У 1968 годзе была завершаная аповесьць «Праклятая вышыня», якая таксама стваралася на матэрыяле добра вядомай пісьменьніку франтавой рэчаіснасьці, на аснове тых падзеяў, у якіх ён сам прымаў удзел[16].
Патас чалавечнасьці выразна гучыць у «Круглянскім мосце» (1968) — першай аповесьці з партызанскага цыклю, усьлед за якой былі напісаныя «Сотнікаў», «Абеліск», «Воўчая зграя», «Пайсці і не вярнуцца»[17].
Новы этап у творчым разьвіцьці Васіля Быкава адкрыла аповесьць «Сотнікаў» (1970), адзін з самых дасканалых і глыбокіх твораў ня толькі ў самога пісьменьніка, але і ва ўсёй шматнацыянальнай савецкай літаратуры пра вайну. Паводле прызнаньня аўтара, «Сотнікаў» пісаўся адносна лёгка, бо выношваўся доўга, грунтоўна асэнсоўвалася яго ідэя, шматразова прадумваліся многія сюжэтныя павароты, загадзя дэталёва распрацоўваўся фінал[18].
Высокую ацэнку грамадзкасьці атрымала аповесьць «Знак бяды» (1982). У газэце «Правда» яна характарызавалася як кніга-падзея, якая нікога не пакінула абыякавым[19]. Быкаўская мера праўдзівасьці і чалавечнасьці выразна адчуваецца ў рамане «Кар’ер» (1986)[20].
Акрамя аповесьцяў, якія складаюць аснову створанай Васілём Быкавым мастацкай эпапэі народнага гераізму ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а часткова і ў іншыя пэрыяды нашага жыцьця, празаік напісаў шэраг таленавітых апавяданьняў. Спрабаваў свае сілы і ў драматургіі. Яго п’есы (у прыватнасьці «Апошні шанц») ставіліся ў Маскве, Менску, Горадні. У Латвіі па гэтай п’есе быў створаны тэлеспэктакль[21].
Бібліяграфія
-
Апошні баец (1958, наступнае выданьне ў 2007)
-
Жураўліны крык (1959—1960)
-
Здрада (1961)
-
Трэцяя ракета (1962)
-
Альпійская баляда (1963—1964)
-
Пастка (1964)
-
Мёртвым не баліць (1965)
-
Сваякі, аповесьць (1966)
-
Праклятая вышыня (1968)
-
Круглянскі мост (1969)
-
Ліквідацыя (Сотнікаў) (1970)
-
Абеліск (1971)
-
Дажыць да сьвітаньня (1973)
-
Воўчая зграя (1974)
-
Яго батальён (1975)
-
Пайсьці і не вярнуцца (1978)
-
Знак бяды (1982)
-
Аблава (1986)
-
Кар'ер (1986)
-
У тумане (1987)
-
На крыжах (1992)
-
Сьцюжа (1993)
-
Ружовы туман (1995)
-
Сьцяна (1997)
-
Ваўчыная яма (1998)
-
Пахаджане (1999)
-
Балота (2001)
-
Доўгая дарога дадому (2002)
-
Калі рукаюцца душы (разам з Рыгорам Барадуліным) (2003)
-
Парадоксы жыцьця (2004)
-
Бліндаж (няскончаная, апублікаваная па архіве пісьменьніка ў канцы 2006 году ў часопісе «Дзеяслоў»)
-
Гарадзенскі архіў. Невядомыя творы(1957—1972) (2012), уключае ніколі дагэтуль не друкаваную аповесьць Атака, апавяданьне Жалезны камандзір, некалькі прыпавесьцяў, нататнікі, кінасцэнар па аповесьці Сотнікаў пад назвай «Двое в ночи» і не закрануты цэнзурай пераклад на рускую мову аповесьці Апошні баец
-
Пасляжыццё (2012) — зборнік, у які ўвайшлі аповесьці і апавяданьні, якія ніколі не друкаваліся пры жыцьці аўтара: «Атака», «Жалезны камандзір», «Афганец», «Бутэльчына», «Бліндаж».
Экранізацыі
-
«Трэцяя ракета» (1963)
-
«Альпійская балада» (1965)
-
«Ваўчыная зграя» (1975)
-
«Дажыць да сьвітаньня» (1975)
-
«Доўгія вёрсты вайны» (1975)
-
«Узыходжаньне» (1976) (паводле аповесьці «Сотнікаў»)
-
«Абэліск» (1976)
-
«Знак бяды» (1986)
-
«Круглянскі мост» (1989)
-
«Яго батальён» (1989)
-
«Кар’ер» (1990)
-
«У тумане» (1992)
-
«На чорных лядах» (1995)
-
«У тумане» (2012)
Сцэнары да фільмаў
-
«Трэцяя ракета» (1963)
-
«Альпійская балада» (1965)
-
«Западня» (кароткамэтражны) (1966)
-
«Дажыць да сьвітаньня» (1975)
-
«Доўгія вёрсты вайны» (1975)
-
«Узыходжаньне» (1976) (паводле аповесьці «Сотнікаў»)
-
«Абэліск» (1976)
-
«Ваўчыная яма» (1983)
-
«Яго батальён» (1989)
-
«На чорных лядах» (1995)
-
«Адлюстраваньне» кароткамэтражны (2003)
Узнагароды й ганаровыя званьні
-
Літаратурная прэмія імя Якуба Коласа (1964) (за аповесьць «Здрада»)[12]
-
Дзяржаўная прэмія СССР (1974)
-
народны пісьменьнік БССР (1980)
-
Герой Сацыялістычнай Працы (1984)
-
Ленінская прэмія (1986) (за аповесьць «Знак бяды»)
Ушанаваньне памяці
З 2003 г. у Горадні па вул. Савецкая, д. 31 на сядзібе гарадзкога аб’яднаньня вэтэранаў працуе музэй Васіля Быкава, які па сьмерці пісьменьніка стварыў кандыдат пэдагагічных навук і дацэнтМікалай Мельнікаў[23].
25 верасьня 2008 году ў Віцебску адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцьця мэмарыяльнай дошкі народнаму пісьменьніку Беларусі Васілю Быкаву. Дошка разьмешчаная на будынку дзіцячай мастацкай школы № 1 па вуліцы Суворава, 3. У гэтым доме раней разьмяшчалася мастацкая вучэльня, у якой перад Вялікай Айчыннай вайной, у 1939—1940 гадах, на скульптурным аддзяленьні вучыўся будучы літаратар. Мэмарыяльная дошка вырабленая з бронзы і ўяўляе сабой стылізаваную рамку ў выглядзе аркі, усярэдзіне якой зьмешчаны партрэт пісьменьніка і бусел, як сымбаль Беларусі. На дошцы надпіс на беларускай мове: «У гэтым будынку з 1939 па 1940 год вучыўся народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў». Аўтарамі кампазыцыі зьяўляюцца віцебскія скульптары, чальцы Беларускага зьвязу мастакоў Валер Магучы і Аляксандар Гвозьдзікаў.
Імем Васіля Быкава названыя вуліцы ў Баранавічах[24], Горадні[25], Ждановічах[26], Жлобіне[26][27], Лельчыцах[26][28], Пружанах[29], Смалявічах[26], Фаніпалі[26][30].