top of page

Іва́н Пятро́віч Шамя́кін (30 студзеня 1921 — 14 кастрычніка 2004) — беларускі пісьменьнік. Народны пісьменьнік Беларусі (1972).

Біяграфія

Іван Шамякін нарадзіўся ў вёсцы Карма Добрускага раёну (цяпер Гомельская вобласьць). Скончыў Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў (1940). У 1940—1945 гадах служыў у Савецкай Арміі — удзельнічаў у баях пад Мурманскам, у вызваленьні Польшчы, у баях на рацэ Одра. У 1945—1948 гадах настаўнічаў у вёсцы Пракопаўка Церахоўскага раёну (зараз Чарацянскі сельсавет Гомельскага раёну). З 1946 году вучыўся на завочным аддзяленьні Гомельскага пэдынстытуту. Працаваў старшым рэдактарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, галоўным рэдактарам альманаху «Советская Отчизна». З 1954 году — намесьнік старшыні, з 1966 году — сакратар, з 1968 году — другі сакратар, з 1971 году — першы намесьнік старшыні, у 1976—1980 гадах — першы сакратар праўленьня Саюзу пісьменьнікаў БССР. З 1980 году — галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». Дэпутат Вярхоўнага Савету БССР (1963—1985) і СССР (1980—1989). Старшыня Вярхоўнага Савету БССР (1971—1985). З 1987 году старшыня Беларускага камітэту абароны міру.

У 1963 годзе як чалец дэлегацыі ўдзельнічаў у працы 28-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку. Потым пісаў ва ўспамінах пра сваю работу ў ААН: «Пры галасаваньні нярэдка трэба было бегчы праз усю залю, пад уедлівыя ўсьмешкі дэлегатаў іншых краін, да савецкай дэлегацыі — як галасаваць? За, супраць, устрымацца? Далёкаму ад дыпляматыі няпроста было разабрацца. А ўявіце, што на другі дзень газэты расьпісалі, што беларуская дэлегацыя прагаласавала супраць саюзнай. Што было б!»

Сябра Саюзу пісьменьнікаў Беларусі з 1947 году. Народны пісьменьнік Беларусі (1972), акадэмік АН Беларусі (1994).

Герой Сацыялістычнай Працы (1981). Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сьцяга, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Айчыннай вайны ІІ ступені, «Знак Пашаны», мэдалём Францыска Скарыны й іншымі мэдалямі.

Іван Шамякін — ляўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1951) за раман «Глыбокая плынь», Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1957) за раман «Крыніцы», Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа (1967) за раман «Сэрца на далоні» і пэнталёгію «Трывожнае шчасце», Літаратурнай прэміі Міністэрства абароны СССР (1978) за кнігу «Гандлярка і паэт. Шлюбная ноч», Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне тэатральнага мастацтва, кінэматаграфіі, радыё і тэлебачаньня (1982) за кінафільм «Вазьму твой боль».

Шамякін пачаў пісаць мастацкія творы на роднай мове яшчэ да вайны. Будучы на фронце, друкаваў замалёўкі і вершы ў армейскай газэце на расейскай мове. У 1945 годзе апублікаваў сваю першую аповесьць «Помста» (часопіс «Полымя»).

Памёр у 2004 годзе. Пахаваны на Ўсходніх могілках у Менску. У гонар пісьменьніка названая адна з вуліц Менску.

Дачка Тацяна[3] — мовазнавец.

Бібліяграфія

Раманы

  • «Глыбокая плынь» (1949, інсцэніраваны ў 1956)

  • «У добры час» (1953)

  • «Крыніцы» (1957, інсцэніраваны ў 1961)

  • «Сэрца на далоні» (1964, інсцэніраваны ў 1965)

  • «Снежныя зімы» (1970)

  • «Атланты і карыятыды» (1974, аднайменны кінафільм Беларускага тэлебачаньня, 1980)

  • «Вазьму твой боль» (1979, экранізаваны ў 1981)

  • «Петраград-Брэст» (1983)

  • «Зеніт» (1987)

  • «Злая зорка» (1993)

  • Цыкл зь пяці аповесьцей («Непаўторная вясна», 1957; «Начныя зарніцы», 1958; «Агонь і снег» і «Пошукі і сустрэчы», 1959; «Мост», 1965) аб’яднаны ў пэнталёгію «Трывожнае шчасце».

Зборы апавяданьняў і аповесьці

  • «Помста» (1945)

  • «На знаёмых шляхах» (1949)

  • «Дзве сілы» (1951)

  • «Апавяданні» (1952)

  • «Першае спатканне» (1956)

  • «Матчыны рукі» (1961)

  • «Вячэрні сеанс» (1968)

  • «Лёс майго земляка» (1970)

  • «Бацька і дзеці» (1971)

  • «Сцягі над штыкамі» (1976)

  • «Гандлярка і паэт. Шлюбная ноч» (1976, экранізаваны адпаведна ў 1978 і 1980)

  • «У роднай сям'і» (1986)

  • «Драма» (1990)

  • «Аповесці Івана Андрэевіча» (1993)

  • дзёньнік «Дзе сцежкі тыя…» (1993)

  • «Падзенне» (1994)

  • «Сатанінскі тур» (1995)

П’есы

  • «Не верце цішыні» (1958)

  • «Выгнанне блудніцы» (1961)

Публіцысты

  • «Размова з чытачом» (1973)

  • «Карэнні і галіны» (1986).

  • «Роздум на апошнім перагоне: Дзённік 1980—1995 гадоў» (1998).

bottom of page