Ты не шкадуй нічога людзям, калі што людзям на карысць. (П.Броўка)
Іва́н Мікала́евіч Пта́шнікаў (7 кастрычніка 1932, в. Задроздзе, Плешчаніцкі раён, цяпер у Лагойскім раёне — 28 ліпеня 2016[5]) — беларускі пісьменнік. Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1983). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа (1978) за аповесць «Найдорф»
Біяграфія
Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Да вайны скончыў 3-ы класы Задроздзенскай пачатковай школы. Пасля вайны — Крайскую сямігодку (1948), Плешчаніцкую беларускую сярэднюю школу (1951). Працаваў у рэдакцыі плешчаніцкай раённай газеты «Ленінец», настаўнікам Лонваўскай пачатковай школы. Скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ (1957). Рэдактар мастацкай літаратуры ў Дзяржаўным выдавецтве БССР (1957—1958), рэдактар аддзела прозы часопіса «Маладосць» (1958—1962), з 1962 — рэдактар аддзела прозы часопіса «Полымя». Член СП БССР (з 1959).
У 2005 годзе І. Пташнікаў перажыў інсульт, пасля гэтага не мог сам хадзіць і з дому яго выводзілі толькі ў шпіталь. Меў творчыя задумы, даваў інтэрв'ю, але, з уласных словаў, не меў сіл пісаць. Памёр 28 ліпеня 2016 года ў сваёй кватэры ў Мінску[6]. Пахаваны на Паўночных могілках Мінска[7].
Творчасць
Дэбютаваў з вершам «На полі родным» у 1952. Першы празаічны твор — аповесць «Чачык» апублікаваў у 1957 (часопіс «Полымя»). Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Зерне падае не на камень» (1959) і «Сцяпан Жыхар са Сцешыц» (1966), аповесцей «Лонва» (1965, 1982), «Тартак» (1968, паводле сцэнарыя аўтара пастаўлены ў 1973 г. аднайменны тэлефільм), «Найдорф» (1976), раманаў «Чакай у далёкіх Грынях» (1962), «Мсціжы» (1972), «Алімпіяда» (1985, пастаўлены аднайменны тэлеспектакль, 1989). У 1980 выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах, у 1990—1992 — Збору твораў у 4 тамах. Многія творы пісьменніка перакладзены на замежныя мовы. Па аповесці «Тартак» на беларускім тэлебачанні ў 1974 пастаўлены аднайменны тэлефільм (сцэнарый аўтара), а ў 1989 па раману «Алімпіяда» — аднайменны тэлеспектакль.
Творчая прыхільнасць І. Пташнікава-празаіка — вясковая тэматыка, веданне паўсядзённага побыту, звычаяў, псіхалогіі вяскоўцаў, здольнасць аўтара грунтоўна і ўсебакова паказаць дыялектыку характараў, праўду рэальных абставін. У яго апавяданнях («Алёшка», «Алені», «Бежанка»), аповесці «Лонва» упершыню пачала праяўляцца асаблівая ўвага да ўнутранага стану чалавека, загучаў матыў вайны ў лёсах людзей. Тэма вайны займае ў творчасці пісьменніка значнае месца. Трагедыі спаленых разам з людзьмі вёсак, такіх, як Дальва (аповесць «Тартак», 1968), барацьба партызан і жыхароў акупіраванай Беларусі супраць акупантаў (аповесць «Найдорф», 1976), антываенны пафас многіх апавяданняў сведчаць пра тое, што вайна ў І. Пташнікава свая, перажытая ў дзяцінстве.[8]
Прызнанне
Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалём. Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1983). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1978) за аповесць «Найдорф».